Чаму новы мюзікл "Недалёка ад нормы" — надзея для беларускага тэатра
22.03.2018

Пры канцы месяца адбудзецца прэм'ера брадвейскага мюзікла "Недалёка ад нормы". Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў тлумачыць чытачам "Нашай Нівы", чаму гэта вялікая надзея для беларускага тэатра.


Арганізатары праекта, прыватны Тэатр Генадзя Гладкова "Тэрыторыя мюзікла", ганарацца, што пакажуць беларусам адзін з самых паспяховых мюзіклаў ХХІ стагоддзя. Сакрэт фенаменальнай папулярнасці "Недалёка ад нормы" цяжка патлумачыць у двух словах, але факт у тым, што мюзікл вельмі папулярны да сёння, хоць прэм'ера была амаль 10 год таму. Канечне, важны складнік эмацыйная і энергічная музыка аднаго з найлепшых сучасных амерыканскіх брадвейскіх кампазітараў Тома Кіта, які выдатна выкарыстоўвае ўсю разнастайную палітру рок-музыкі — ад пранікнёных балад да адчайных баевікоў. Да месца будзе заўважыць, што ён дапамагаў адаптаваць для тэатра "American idiot" гурту Green Day. Канечне, драматург Браян Ёркі здолеў складаны змест абярнуць у лёгкую дасціпную форму.


У двух словах, "Недалёка ад нормы" спектакль пра сям'ю, якая перажывае біпалярны разлад сваёй маці, але аўтар настолькі па-майстэрску грае са стэрэатыпамі шчаслівай амерыканскай сям'і, падлеткавых комплексаў, папулярных медыцынскіх клішэ, што ў выніку застаецца адчуванне лёгкай гульні.


Нядзіва, што ў гэтую гульню з такім задавальненнем гуляюцца ў першую чаргу падлеткі. Рэжысёр спектакля Настасся Грыненка прывяла цікавы факт, што падлеткі ў шматлікіх школьных пастаноўках гэтага спектакля з большай асалодай іграюць менавіта дарослых, чым падлеткаў.


І гэты моладзевы драйв адчуваецца па мінскім спектаклі, некалькі нумароў якога спецыяльна прэзентавалі для прэсы. Матэрыял напісаны такім чынам, што дазваляе кожнаму выканаўцу ўплываць, дзейсна знаходзіцца на сцэне. Галоўныя выканаўцы ў спектаклі — дасведчаныя Святлана Мацыеўская і Дзмітрый Якубовіч (яны будуць граць Дзіяну і Дэна Гудманаў) увесь час знаходзяцца ў жывым кантакце з моладдзю, якая яшчэ нядаўна выпусцілася з Акадэміі. І вось цікавае назіранне: падчас прэзентацыі мюзікла другі склад настолькі моцна падтрымліваў калег на сцэне, што, такое адчуванне, спяваў разам з першым. А тыя, хто выконваў (Эрык Абрамовіч, Арцём Пінчук і Паліна Дабравольская — Генры, Гэйб і Наталі адпаведна), яўна ўсведамляюць, як ім пашанцавала з такім матэрыялам. Звычайна трэба чакаць дзесяцігоддзе, каб цябе перавялі з масоўкі на галоўную ролю на ўмоўнай "малой сцэне" нейкага тэатра, а тут адразу ты робіш сапраўдны вялікі спектакль, і ў выніку ад энергетычнай напружанасці са сцэны можна пабачыць іскры, і ўжо старэйшае пакаленне робіць высілкі, каб адпавядаць гэтаму драйву.


Брадвей — ці не адзіны ў свеце пераканаўчы прыклад камерцыйна паспяховага тэатра. Гэта сусветны брэнд, кожнаму паспяховаму спектаклю гарантавана доўгае жыццё і ўвага ва ўсім свеце. І справа нават не ў тым, што за кожным мюзіклам гады працы, спробаў, эксперыментаў. Справа ў дзесяцігоддзямі адпрацаваных механізмах працы, схемах узаемадзеянняў артыстаў, агентаў, прадзюсараў. Гэта сапраўдная індустрыя, дзе сам спектакль з'яўляецца толькі вяршыняй айсберга, сапраўдная індустрыя, якая корміць вакол сябе агромністую колькасць прафесіяналаў, што могуць ніколі ў жыцці не атрымаць шанец на поспех. І гэтая індустрыя ставіць высокія патрабаванні да партнёрства. Калі чытаеш гісторыю любога брадвейскага праекта, то бачыш гады воркшопаў, прэм'еры ў правінцыі, кастынгі, доўгі спіс правальных праектаў. Але самае галоўнае і цікавае для мяне — тое, што многія паспяховыя праекты пачынаюцца з універсітэцкіх тэатраў. Гэта ж тычыцца "Недалёка ад нормы", чые стваральнікі Том Кіт і Браян Ёркі пачалі працаваць над ім падчас сумеснай вучобы.


Мяне зноў можна папракнуць у тым, што я ігнарую беларускі складнік навіны, што пастаноўка амерыканскага мюзікла на рускай мове нічога не дае беларускай культуры. У нас ёсць паспяховыя незалежныя музычныя праекты, сярод якіх у першую чаргу хочацца ўспомніць "Народны альбом" ці праекты Ларысы Сімаковіч, ці праекты "Папараць-кветка", "Байкер", "Прарок" ці "Матухну Кураж", якія мелі шырокі розгалас у СМІ. Я кажу "поспех" усур'ёз, без іроніі, таму што паспяховасць мае шмат вымярэнняў, але вынікам гэтых спектакляў стала стварэнне ўласна рынку маштабных відовішчаў, якім, па сутнасці, і з'яўляецца Брадвей.


Мы па-ранейшаму апанаваны небяспечнай ілюзіяй, што можа існаваць асобны, скажам, фінансава паспяховы спектакль на фоне непаспяховай індустрыі. Але многія праекты нават не атрымліваецца як след адрэкламаваць проста таму, што маркетынгавыя хады кожны раз прыходзіцца выдумляць наноў і марнаваць на тое час і рэсурсы, якіх і так няшмат.


Менавіта ў стварэнні такога рынку мне асабіста бачыцца рацыянальнае зерне мараў нашых чыноўнікаў ад культуры пра тэатр, які зарабляе на сябе сам. Не, не так: дзяржава павінна ўтрымліваць умоўны Купалаўскі тэатр ці Тэатр юнага гледача, у гэтым сэнс падтрымкі культуры, але з'яўленне сферы камерцыйнага тэатра, які не толькі даў рады адмовіцца ад датацый, але змог бы ствараць вакол сябе падрыхтоўчую інфраструктуру, і гэта ў сваю чаргу дапаможа разгрузіць сацыяльныя абавязкі дзяржаўных тэатраў.


Праблема ў тым, што ўсе захады чыноўнікаў пакуль зводзяцца да "спускання планаў зверху" і не даюць выкарыстоўваць той рэсурс, які сапраўды патрэбны прыватным тэатрам. Напрыклад, даць магчымасць працаваць са школьнай і студэнцкай аўдыторыяй.


Напрыклад, квіткі на амерыканскі мюзікл "Гамільтан" выкупляліся ў тэатра і распаўсюджваліся для нью-ёркскіх школьнікаў бясплатна. Арганізаваць творчую сустрэчу з удзельнікамі "Недалёка ад нормы" рашыцца не кожны дырэктар школы, толькі таму што героі прамаўляюць "трындзец!" са сцэны.


"Недалёка ад нормы" адрозніваецца ад іншых названых тут праектаў, паўтаруся, стандартам падрыхтоўкі, за якім пільнуюць амерыканскія партнёры.


Беларусы нават не атрымалі б магчымасці рэалізаваць гэты праект, калі б не маглі гарантаваць пэўны ўзровень не толькі мастацкай якасці, але і сваю здольнасць выйсці са сваім спектаклем на шырокую аўдыторыю. І гэтую задачу нельга недаацэньваць. Каманда спектакля стварыла крэатыўную рэкламную кампанію, разыгрываючы часткова сітуацыі з п'есы ў фэйсбуку ("Недалёка ад нормы", дарэчы, першы амерыканскі спектакль, які такім самым чынам правёў паспяховую піяр-кампанію ў твітары.) Квіткі на прэм'ерныя спектаклі распрададзены, рапартуе "Тэрыторыя мюзікла". Вельмі важна, каб сапраўдны поспех гэтага спектакля зрабіў прывабным для масавай аўдыторыі і жанр мюзікла, і сферу забаўляльнага тэатра ўвогуле.


Мне спадабалася фраза ў анатацыі аднаго студэнцкага мюзікла: "Пасля прэм'еры артысты прачнуцца знакамітымі…" Вельмі важна, каб такія амбіцыі заставаліся недалёка ад праўды.


Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ, фота bycard.by.


"Наша ніва". 22 сакавіка 2018 года.