Пра сур’ёзнае — з песняй
10.03.2018

Герояў беларускай пастаноўкі брадвейскага мюзікла пасялілі ў сацыяльных сетках.


Спектакль "Недалёка ад нормы" (у арыгінале Next To Normal), які рыхтуе Тэатр "Тэрыторыя мюзікла", з’яўляецца ўнікальным у многіх сэнсах. Па-першае, гэты папулярны брадвейскі мюзікл, на рахунку якога 11 намінацый і 3 вышэйшыя амерыканскія прэміі ў галіне музычнага тэатра Tony Award, а таксама Пулітцэраўская прэмія ў намінацыі "Драма", ўпершыню прадставяць рускамоўнай і, зразумела, беларускамоўнай публіцы. Па-другое, у пастаноўцы будзе гучаць выключна жывая музыка, што раней у тэатры не практыкавалі. І па-трэцяе, увагі заслугоўвае сам матэрыял і яго тэма. Мастацкі кіраўнік і рэжысёр-пастаноўшчык мюзікла Анастасія Грыненка тлумачыць:


— У гісторыю музычнага тэатра Беларусі мы ўжо ўвайшлі хоць бы тым, што ставім мюзікл, музыка і п’еса якога напісаны ў XXI стагоддзі. Яго героі і гераіні не бароны і баранэсы, а простыя людзі. Гэта звычайная амерыканская сям’я са сваімі ўзаемаадносінамі, якія вельмі блізкія нам усім.


Сюжэт будуецца вакол жонкі і маці Дзіяны Гудмэн, якая пакутуе біпалярным расстройствам і спрабуе пад уздзеяннем хваробы будаваць зносіны з роднымі і блізкімі. Зноў жа ўпершыню ў мюзікле, які лічыцца забаўляльным жанрам, падымаецца такая сур’ёзная тэма. Next To Normal у свой час пашырыў межы жанру і зрабіў рэвалюцыю на Брадвеі. Ускалыхнуць грамадства спадзяецца і беларуская каманда.


— У нас не так шмат гаворыцца пра людзей з псіхічнымі захворваннямі. У нашай традыцыі хаваць свае праблемы, рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, калі насамрэч зусім не так, — разважае Анастасія Грыненка. — І калі ў Амерыцы наведванне псіхатэрапеўта — звычайная справа, то ў нас прынята спавядацца сяброўкам на вушка ці сябрам за куфлем піва. Не трэба баяцца адкрыцца — гэта адзін з пасылаў нашай пастаноўкі.


Падрыхтоўка брадвейскага мюзікла заняла тры гады. Шмат часу прыйшлося патраціць на бюракратычныя ўзгадненні і пераклад п’есы, падчас якога неабходна было захаваць рытм верша, рыфму. Акрамя таго, у мюзікле шмат медыцынскіх тэрмінаў і чыста амерыканскіх рэчаў, якія трэба было адаптаваць пад беларускага гледача. У пастаноўцы занятыя як музычныя, так і драматычныя артысты, якія хоць і не ведаюць нот, але выдатна спраўляюцца са сваімі ролямі — адточваць вакальнае майстэрства ім дапамагаў спецыяльна запрошаны Пасольствам ЗША ў Беларусі брадвейскі вакальны коуч Эндру Бёрн.


Прэм’ера мюзікла "Недалёка ад нормы" запланавана на 28 сакавіка, яна адбудзецца на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў. Аднак пазнаёміцца з персанажамі п’есы можна ўжо цяпер. Па прыкладзе амерыканскіх калег, якія ў межах рэкламнай кампаніі спектакля разыгралі п’есу ў Twitter, айчынная каманда пасяліла герояў у Instagram, Facebook, Telegram. Шукайце персанажаў па хэш-тэгах #недалекоотнормы, #нОн, #N2N.


Падрыхтавала Людміла МІНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

"Народная газета". 10 сакавіка 2018 года. С. 29.