Норма і "непадалёк" у мюзікле і жыцці
28.04.2018

Сталічны тэатр "Тэрыторыя мюзікла" крочыў у новую мастацкую прастору, паставіўшы сучасны амерыканскі мюзікл "Непадалёк ад нормы". Нічога падобнага на беларускай сцэне раней не было — ні па тэматыцы, ні па драматургіі.


У цэнтры твора (п’еса і вершы — Браяна Ёркі) — знешне нармальная, шчасная сям’я. Але бацькі ў ёй ужо амаль 18 гадоў не могуць перажыць цяжкую страту. Асабліва цяжка маці, якая бачыць сына жывым і дарослым, размаўляе з ім — і ўсведамляе свае псіхічныя "адхіленні ад нормы". Сын — яе галоўны гонар, і думкі пра яго перашкаджаюць ёй развіваць талент і бачыць праблемы малодшай дачкі.


Спектакль закранае суцэльны спектр балючых тэм: псіхічнае здароўе і яго межы, медыцынскія магчымасці і лекарская этыка, сямейныя каштоўнасці і ўзаемапаразуменне, каханне сляпое і ўсвядомленае. Нам паказваюць не псіхічны, а менавіта псіхалагічны разлад у душах герояў, і сузіраць яго — таксама вялікая праца. Бо ад гледачоў патрабуецца не "змахнуць слязу замілаванасці", а пражыць разам з героямі складаны адрэзак іх жыцця — у пошуках паразумення і выйсця з пасткі недагавораных, замоўчаных праблем. Не ўсе да гэтага гатовы — яшчэ і таму, што беларускія тэатры (а тым больш, у музычных спектаклях) не так часта ствараюць падобныя прэцэдэнты. Дый увогуле не надта вымушаюць гледача хоць пра што задумацца, а не толькі адпачыць, пасмяяцца, утаропіцца ў займальнае відовішча. Таму магу прадказаць, што пры ўсёй крэатыўнасці рэкламнай кампаніі (афішы, флаеры, банер, буклет, шакаладкі з партрэтамі ўдзельнікаў і шмат чаго іншага) спектакль стане яшчэ і праверкай "лепшай у свеце" айчыннай публікі. Той, хто яго наведае і ўсур’ёз задумаецца ў фінале, можа папраўдзе лічыць сябе "прасунутым". У тым ліку, у разуменні таго, у які бок развіваецца сучасны замежны музычны тэатр і жанр мюзікла.


Музычная драматургія твора Тома Кіта значна адрозніваецца ад беларускіх і тым больш расійскіх мюзіклаў. Бо на першы план выходзяць не завершаныя нумары песеннага складу, а вялікія сцэны, пабудаваныя на скразным развіцці. У оперы такі прыём стаў пераважаць яшчэ ў Рыхарда Вагнера, у мюзікле — з канца мінулага стагоддзя. Дый тое — найперш у амерыканскай мадэлі. А між тым, гэткая драматургія дазваляе дасягнуць большай цэласнасці твораў, надае ім імклівы тэмпарытм, прывучае гледача да музычнай мовы, на якой можна "размаўляць" не горш, чым словамі. Дадам, што наш Уладзімір Кандрусевіч, прызнаны першапраходцам і каралём беларускага мюзікла, заўжды арыентаваўся менавіта на такі жанравы прыклад, а не на расійскі песенны, дзе музычныя нумары часта застаюцца дадатковымі ўстаўкамі (у рэшце рэшт, п’есу можна ставіць і без іх).


Пра тое, колькі высілкаў каштавала цяперашняя пастаноўка, шмат гаварылася напярэдадні (гл. "К" № 12). Што ж у выніку атрымалася?


Спектакль вабіць адкрыццём новых акцёрскіх імёнаў і нечаканымі амплуа ўжо вядомых артыстаў. Дзмітрый Якубовіч, якога ўсе прывыклі бачыць рамантычным каханкам, паўстаў маладжавым, але знурана стомленым бацькам. Святлане Маціеўскай, якая звычайна спявала энергічна напорыстых, часам безапеляцыйна ўпэўненых лэдзі, дасталася галоўная партыя — маці, якая пакутуе на біпалярную дэпрэсію. Арцём Пінчук (памерлы Габ) і Эрык Абрамовіч (рамантычны хлопец дачкі), вядомыя найперш па характарных ролях у Новым драматычным тэатры, заспявалі (дарэчы, яны рабілі гэта і ў некаторых ранейшых праектах "Тэрыторыі мюзікла" — найперш канцэртных праграмах). Сапраўднае адкрыццё — надзвычай шчырая і харызматычная Паліна Дабравольская, якая ўвасабляе 16-гадовую дачку (у іншым складзе ў гэтай ролі — ужо вядомая Аляксандра Вайцэховіч). Сярод новых імёнаў на музычна-тэатральным небасхіле — таксама Аляксей Юхімец, Мікіта Герашчанка. Што ж да Дзяніса Нямцова ці, у іншым складзе, Аляксандра Асіпца, дык ім падуладны любыя пераўвасабленні. І цяперашні Доктар (дакладней, два розныя доктары, у якіх спрабуе знайсці паратунак гераіня) не выключэнне.



Спектакль ідзе ў суправаджэнні рок-гурта, які знаходзіцца на сцэне. Кіруе ім бас-гітарыст Ціхан Золатаў. А дададзеныя да электраінструментаў жывыя скрыпічна-віяланчэльныя тэмбры — выразныя, сакавітыя — надаюць гучанню адценне сімфарока.


Сцэнаграфія Андрэя Меранкова стварае сімвал халоднай пустэчы: па сцэне ездзяць двухпавярховыя металічныя канструкцыі, што павінны ўвасабляць пакоі дома. І хаця канструкцыі спраўна перасоўваюцца, а героі (асабліва маці) не стамляюцца змяняць строі, карцінка ўяўляецца даволі аднастайнай. Некаторы кантраст уносяць хіба парадыйна вялізныя пілюлі, якіх першы доктар не шкадуе для сваёй пацыенткі. Урэзваюцца ў памяць смешныя фігуркі членаў сям’і, зробленыя ў стылістыцы дзіцячых малюнкаў. Плоскія, быццам выразаныя з паперы, схаваныя за вэлюмам суперзавесы, яны глядзяцца такімі безабароннымі! Але, на жаль, так і застаюцца ўсяго толькі сімвалам, а не, да прыкладу, "ценямі-адлюстраваннямі" сваіх герояў (ідэя парных персанажаў як нельга лепей адпавядала б сэнсу спектакля).


Можа, тое не ўваходзіла ў пастаноўчыя планы, але спектакль не мае ярка выяўленай кульмінацыі. Сродкамі пластыкі, святла, нейкіх сцэнаграфічных эфектаў ці відэа не перадаецца стан гераіні, моманты зрушанага светаўспрымання: ну, раскладае бутэрброды на падлозе, папярэдне засцяліўшы яе сурвэткай — і што? Так, артысты ўвесь час знаходзяцца ў руху, узаемадзейнічаюць між сабой. Але, добра ведаючы неабмежаванасць творчых фантазій рэжысёра Настассі Грыненка, асабіста я чакала больш цікавых прыдумак і творчых знаходак — нягледзячы на ўсю абмежаванасць тэхнічнага абсталявання тэатра і залы.


Педагогам па вакале выступіў запрошаны з ЗША Эндру Бёрн. Можа, неставала рэпетыцыйнага часу ці з-за акустычных перашкод артысты папросту не чулі інструментальнага суправаджэння, але на прэм’еры, на жаль, хапала фальшы. Гэты недахоп, як аказалася, часовы. Бо спектакль мае рэальную магчымасць скласці добрую канкурэнцыю працам, што будуць заяўлены на чарговую Нацыянальную тэатральную прэмію ў галіне музычнага тэатра.


Надзея БУНЦЭВІЧ.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.

"Культура". 28 красавіка – 5 мая 2018 года (№ 17).