Толькі "лайкі" і ніякіх сабак
22.07.2016

Знаёмыя і новыя героі ў мюзікле для ўсёй сям’і


Тэатр Генадзя Гладкова "Тэрыторыя мюзікла" вядомы смелымі пастаноўкамі старых гісторый на новы лад. У мінулым сезоне гледачы сустракалі асучаснены мюзікл-містыфікацыю "12 крэслаў", дзеянне якога было перанесена аўтарамі лібрэта Маркам Захаравым і Юліем Кімам у нашы дні. І вось на сцэне тэатра адбылася прэм'ера мюзікла ў жанры "антыгламур" "Блакітны шчанюк".


Гэты спектакль — з'ява ў нейкім сэнсе ўнікальная, нават эксклюзіўная. Спецыяльна для "Тэрыторыі мюзікла" Гладкоў напісаў новыя мелодыі, а паэт Юрый Энцін — вершы. Так, усім вядомая казка набыла новых герояў — мядзведзя, каня ў паліто, панду, кенгуру і экзатычнага сабачку чыхуахуа. Усе яны сталі жыхарамі заапарка, які ад нуды збірае цар звяроў: не хапае львінай душы экзотыкі! Вось толькі ягоная жонка — свецкая львіца — ад каня і кенгуру не ў захапленні. Але ад сабачкі не адмовілася б, якраз для ўдзелу ў конкурсе прыгажосці з актуальнай тэмай — "Дама з сабачкам".


Характэрна, што рабочая назва п'есы — "Драма з сабачкам" — і сапраўды драма. Часы змяняюцца: цяпер важна не тое, што ты "блакітны", а тое, які колер сёння ў модзе. Гэта для іншых звяроў "лайкі" — проста сабачкі такія, а ў каралеўскай сям'і пытанне папулярнасці ледзь не прыводзіць да разводу. Але, нягледзячы на наяўнасць новых герояў і сучасны антураж, галоўнай тэмай застаецца ўсё тое ж пытанне: "А ці так дрэнна быць непадобным да астатніх"?


Над пастаноўкай працавала каманда, правераная часам і мноствам удалых сумесных тэатральных работ. Асноўныя сюжэтныя лініі, а таксама новых герояў прыдумалі Юрый Энцін і Генадзь Гладкоў. Лібрэта напісала рэжысер "Тэрыторыі мюзікла" Настасся Грыненка. Яе намаганнямі спектакль імгненна разлятаецца на цытаты: "Ідзіце сюды і атрымайце скандал", "Не магу хлусіць, калі мяне так бессаромна слухаюць". У прачытанні Настассі Грыненка вобразы нават старых герояў набываюць новую інтэрпрэтацыю. Блакітны шчанюк па-ранейшаму добры, наіўны, але пры гэтым вельмі смелы: пакуль Бывалы Марак плавае ў роздумах, што б яму зрабіць добрага, ён самастойна арганізуе ўцёкі і нават маленькае паўстанне.


За афармленне сцэны адказваў Андрэй Меранкоў, які не раз ужо даказаў, што здольны зрабіць шматфункцыянальнай нават звычайную шафу (мюзікл "12 крэслаў"). А маленькая сцэна дыктуе свае ўмовы: тут не разгорнешся з масіўнымі дэкарацыямі, не можаш іх часта мяняць за адзін акт.


Сцэнаграфія "Блакітнага шчанюка" простая, але эфектная. Джунглі з тканіны лёгка перетвараюцца ў востраў шчанюкоў. Над сцэнай вісіць галава льва, грыва замяняе сонца. І нават звычайная суперзаслона здзівіць гледача, ператварыўшыся ў клетку.


Акцёры адпавядаюць дэкарацыям — яркія, не падобныя на людзей. Касцюмы фантазіі Юліі Бабаевай — гэта не футравыя шапкі і хвасты. Хутчэй — паказ мод на сцэне. Гэта ўплывае і на гульню акцёраў, бо недастаткова проста апрануць касцюм, каб глядач убачыў звера (якога, як лічыцца, перайграць немагчыма).


Ролю галоўнага героя выконвае Ілона Казакевіч, знаёмая гледачам па зусім процілеглых вобразах: пяшчотнай ранімай Лізанькі са "Сватаўства гусара", высакароднай, палкай Дзіяны ў "Сабаку на сене".


Каралеўскую пару ўвасабляюць Эдуард Вайніловіч і Наталля Глух. І абодва яны з цяжкасцю пазнаюцца ў новых ролях. А вось Аляксей Кілеса, знаёмы гледачу па ролі Трыстана ў "Сабаку на сене", зноў паўстае ў выглядзе абаяльнага хітруна. Яго Чорны Кот — інтэлігент ледзь не блакітнай крыві, амаль што дварэцкі пры каралі, але пры гэтым хітры, разважлівы і імкнецца да славы.


Пасля прагляду мюзікла ўзнікае толькі адно пытанне: "А ці можна назваць гэты спектакль дзіцячым"? Досвед паказвае, што ні Гладкову, ні Энціну, ні Грыненка не ўласціва працаваць толькі ў адны вароты. Таму дапіска — мюзікл для ўсёй сям'і — чыстая праўда. Дзяцей пацягне захапляльная прыгодніцкая гісторыя з пагонямі і ўцекамі, а дарослыя знойдуць шмат актуальных, надзённых адсылак і жартаў.


Сэнс жа гэтай гісторыі са змененымі і новымі героямі, песнямі, ідэямі будзе зразумелы для ўсіх. Не варта старацца быць падобным на кагосьці, бо ты выдатны і карысны сам па сабе. Пластычная аперацыя (будзе і яна!) не дазволіла Кату дамагчыся кахання Свецкай Львіцы, а вось шчырасць і дабрыня Шчанюка дапамаглі знайсці новых сяброў.


Юрый Энцін разам з артыстамі падчас прэм’еры


На адным з паказаў прысутнічаў аўтар вершаў Юрый Энцін. Перад спектаклем паэт сустрэўся з журналістамі, дзе расказаў аб працы над пастаноўкай і ідэі для наступных спектакляў. Так што цалкам магчыма, што нас чакае яшчэ не адна сумесная праца "Тэрыторыі мюзікла", Генадзя Гладкова і Юрыя Энціна.


Аляксандра ГАРАЧКА.

Фота Анжалікі Граковіч.

"Літаратура і мастацтва". 22 ліпеня 2016 года (№ 29). С. 13.