Звычайны чараўнік у Мінску
08.11.2013

11 і 18 лістапада малады творчы калектыў "Тэрыторыя мюзікла. Тэатр Генадзя Гладкова" запрашае на прэм'еру мюзікла-вадэвіля "Сватаўство гусара", якая адбудзецца ў Палацы культуры прафсаюзаў. Пра будучы спектакль, пашырэнне рамак жанру і працу з народным артыстам Расіі Генадзем Гладковым — рэжысёр Настасся Грыненка і харэограф і артыст Дзмітрый Якубовіч.


— "Тэрыторыя мюзікла" — гэта тэатр Генадзя Гладкова. Вас не палохае такі вузкі кірунак вашай дзейнасці?


Настасся: — Насамрэч ён вельмі шырокі, таму што ў Генадзя Гладкова велізарны творчы дыяпазон. Ёсць пэўныя клішэ, маўляў, мюзікл — гэта вар'етэ, шоу з дзяўчынкамі у пёрах — адным словам, несур'ёзна… А калі паглядзець, што адбываецца на Брадвеі, на оф-Брадвеі, то відавочна, наколькі жанр шырэйшы за нашыя ўяўленні. Ён атрымлівае сваю ўнутраную разнастайнасць, і мы вырашылі паказаць гэта на сваім прыкладзе. Першы мюзікл, які мы паставілі ў межах гэтага тэатра, — дзіцячы дэтэктыў "Ёхім Ліс — дэтэктыў з дыпломам", а цяпер ужо іншы жанр: вадэвіль "Сватаўство гусара". Мы імкнёмся ўсебакова даследаваць мюзікл, развіваць яго, пашыраць межы. І такія эксперыменты, якія амаль немагчыма рабіць на сцэнах вялікіх акадэмічных тэатраў, тут мы можам сабе дазволіць. А Генадзь Гладкоў, чалавек няўрымслівай энергіі, выступае як ідэйны натхняльнік, ён быццам невычэрпная крыніца творчых задумак. З яго дапамогай мы можам спрабаваць усё, што заўгодна! Гэта цікавы досвед і для нас, пастаноўшчыкаў, і для гледачоў, якія змогуць убачыць у нашым тэатры мюзіклы і музычныя праграмы розных кірункаў, адкрыць для сябе гэты жанр з розных бакоў.


— Вы супрацоўнічаеце з кампазітарам ужо шмат гадоў і яшчэ да стварэння творчага аб'яднання "Тэрыторыя мюзікла" паставілі на яго музыку эксцэнтрычны балет "12 крэслаў", мюзікл для дзяцей і дарослых "Прыгоды брэменскіх музыкантаў", мюзікл-прытчу "Звычайны цуд". Генадзь Гладкоў ужо ваш сябра ці ўсё ж такі пакуль партнёр і калега?


Настасся: — Мы спадзяёмся, канечне, што ён наш сябра, і ён нас так называе. Гэта вельмі прыемна. Мы з вялікім піетэтам ставімся да яго, бо выраслі на ягонай музыцы і разумеем, што гэта чалавек-легенда. Як казаў Марк Захараў, адзін з "магутнай кучкі" — сучаснай, зразумела.


Дзмітрый: — Спасцігнуць усё, што ён стварыў, абсалютна немагчыма! Часта бывае, што міжволі вырываецца вокліч здзіўлення: "Ой, і гэта вы напісалі? І гэта таксама ваша?" Я ўжо проста пазнаю яго стыль, нават калі не ведаю канкрэтнага твора.


Настасся: — А колькі яшчэ хочацца паставіць! Проста губляешся ў гэтай разнастайнасці тэм і жанраў. Здавалася б, са "Звычайным цудам" я ўжо жыву год (спектакль быў пастаўлены ў Мінску ў пачатку 2013 г. — М. П.), але ўсё адно на кожнай рэпетыцыі слухаю гэтую музыку і думаю: як атрымалася напісаць такі шэдэўр?!


Дзмітрый: — А колькі Генадзь Ігаравіч яшчэ не напісаў!


Настасся: — Мы цікавіліся яго планамі. Па-першае, 8 студзеня ў знакамітай Канцэртнай зале Чайкоўскага адбудзецца канцэртнае выкананне "Звычайнага цуда" Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Расіі (дырыжор Уладзімір Юроўскі). Гладкоў напісаў вельмі складаныя аркестроўкі, каб музыканты не думалі, што змогуць "адпачыць" на мюзікле (смяецца). Па-другое, Генадзь Ігаравіч нядаўна скончыў оперу "Зялёная птушка" па матывах казкі Карла Гоцы, гэта пакуль не пастаўлены матэрыял.


Дзмітрый: — А яшчэ ён нам паабяцаў напісаць музыку паводле беларускай казкі, так што сёння мы знаходзімся ў пошуках і адкрыты для прапаноў!


— Чаму з багатай творчай спадчыны Генадзя Гладкова вы абралі для пастаноўкі менавіта "Сватаўство гусара"?


Настасся: — Вадэвіль — гэта вельмі цікавы жанр, дарэчы, адзін з самых папулярных у рускай дарэвалюцыйнай антрэпрызе. Вялікія артысты, зоркі, для сваіх бенефісаў бралі менавіта вадэвілі, дзе можна было пастаянна пераапранацца, выконваць адразу некалькі роляў, спяваць жартоўныя куплеты… Гэты жанр заслужана любімы гледачамі, з яго нават у нейкай меры вырас наш айчынны савецкі мюзікл. Вадэвіль — рэч гарэзлівая, і нам таксама хацелася крыху пажартаваць з яго самога, пасмяяцца з нейкіх штампаў жанру: у нас ёсць і бравыя гусары, і гераіня ў пакутах, і палкі герой, і злосны бацька, які разлучае закаханых. Як лічыць Генадзь Ігаравіч, вадэвіль павінен быць вясёлым і хуткім, як куля, а я яшчэ дадам, ён заўсёды надзённы. А што можа быць больш актуальным, чым вечны канфлікт "любоў ці грошы", які ёсць у нашым спектаклі?


— "Сватаўство гусара" — гэта тэатральны рымейк аднайменнага фільма Святланы Дружынінай, у якім галоўныя ролі выконвалі такія знакамітыя акцёры, як Міхаіл Баярскі, Алена Коранева, Андрэй Папоў. Новых артыстаў заўсёды параўноўваюць з "кананічнымі" выканаўцамі, у вашым выпадку, Дзмітрый, з Міхаілам Баярскім. Як вы ставіцеся да гэтага?


Дзмітрый: — Я не баюся параўнанняў, слухаць крытыку — цікава і карысна для акцёра. Каб не капіраваць, нават міжволі, папярэдніка, я стараюся не глядзець на яго, пакуль ідзе рэпетыцыйны працэс. А далей усё залежыць ад рэжысёра, партнёраў і ад цябе самога, ад тваіх жыццёвых назіранняў і асабістага досведу. З нейкіх дробязей, падгледжаных сітуацый, цікавых гутарак з калегамі паступова складваецца зусім новы персанаж. Тым больш, такая музыка, якую напісаў Генадзь Гладкоў, дае столькі прасторы для фантазіі, што акцёры літаральна могуць купацца ў матэрыяле і ствараць нешта цікавае.


Настасся: — Кіно і тэатр — розныя віды мастацтва. У тэатры, асабліва ў музычным, які мае вельмі шмат дзейсных сродкаў выразнасці, нават больш магчымасцей раскрыць характар персанажа. Тэатр — справа жывая, акцёр у кожным новым спектаклі можа паказаць свайго героя неяк па-іншаму. А кіно — гэта раз і назаўсёды зафіксаваная гісторыя. Аднак вельмі цікава даваць фільму, які ўжо стаў культавым, новае жыццё.


Марына ПАНІНА.

Фота Анжалікі Граковіч.

"Літаратура і мастацтва". 8 лістапада 2013 года (№ 44). С. 13.