Паляванне на ведзьмаў адмяняецца
Тэатральная мара пра героя сягнула ў Сярэднявечча
…Не, не ідэал. І мэты ў жыцці нібыта ў хлопца няма — толькі задзіраецца з тымі, каго нельга кранаць, выпады сумнеўныя робіць, нават рызыкоўныя. Але такімі захапляюцца людзі… Ды бадзяецца, не, каб сур’ёзнай справай займаўся, а ён галаву можа затлуміць нейкімі дзіўнымі словамі, нават з выклікам. Але такія падабаюцца жанчынам. І не істотна, што ходзіць у гаёк з кімсьці, вельмі падобным на каханую. Такому хлопцу можна дараваць шмат — і несур’ёзнасць (як здаецца збоку), і блюзнерства, і няпраўду (але ж з такой пераканаўчай шчырасцю данесеную) і неабдуманую рашучасць (вартую павагі). Таму што ён — герой.
Ціль Уленшпігель прыйшоў у Мінск. З сярэднявечнай Фландрыі. Праз усю Еўропу, праз СССР (дзе гэтага героя ўспомніў легендарны тэатр Ленком), але ж і ў Рэспубліцы Беларусь у той час у тэатры быў пошук героя, здольнага змяніць свет, — у балеце Яўгена Глебава. Больш чым праз 40 гадоў пасля першай сустрэчы з Цілем Уленшпігелем нагадаць пра яго ў Беларусі вырашыў тэатр «Тэрыторыя мюзікла»: спектакль «Страсці па Цілю» створаны рэжысёрам Настассяй Грыненкай паводле п’есы Грыгорыя Горына, а музыка ў ім гучыць Генадзя Гладкова. Іншая справа, што гэта мюзікл у стылі рок, што дадае драйвовасці самой легендзе пра Ціля, не проста пераказанай Горыным, а інтэрпрэтаванай ім з пункту гледжання чалавека іншай эпохі і з думкай пра змену эпох наогул.
Змена эпох, на думку аўтараў, наўпрост залежыць ад людзей. А часам нават ад аднаго, які здольны кінуць выклік цемры, што ахінула краіну. Любімая Фландрыя Уленшпігеля пад уладай іспанцаў. Радзіма палае вогнішчамі: святая інквізіцыя выяўляе ерэтыкоў і тых, чые думкі не ўпісваюцца ў прынятую дактрыну. На такім вогнішчы згарае і Клас, бацька Ціля. А яны ж — як адно цэлае, падобныя адзін на другога (ролі выконвае артыст Дзмітрый Якубовіч). Ціль у гэты час якраз вандруе. А «добрыя» суседзі праяўляюць «міласць»: няхай Клас гіне без доўгай пакуты, на хуткім агні. Як гэта перажыць? І калі немагчыма змірыцца, то, можа быць, лепш змяніць эпоху, пазбавіўшыся ўсяго чужога, жорсткага, дзе ёсць праява непавагі да тых, каму павінна належаць гэтая зямля?..
Пытанні ўзнікаюць падчас прагляду спектакля самі па сабе, прычым, амаль адразу ўзрушваюць сцэны вогнішчаў: сцэнічны вобраз, прапанаваны мастаком Андрэем Меранковым, узмацняюць эмацыянальныя спевы ў спалучэнні з харэаграфіяй (ад Дзмітрыя Якубовіча). У гэтыя моманты думаеш не пра Сярэднявечча, а пра людзей з сярэднявечнай свядомасцю і страхам, якія могуць, як гэта ні дзіўна, жыць у любыя часы. Адсюль адмысловы падыход ад вонкавага аблічча герояў. Так, нібыта яны сапраўды з той, колішняй Фландрыі, да якой адсылаюць карціны на сцэне. Характэрныя капялюшыкі ды вопратка — але варта прыглядзецца, і заўважныя сучасныя стыльныя боты, зручныя нагавіцы, як цяпер носяць, а то і адзенне ў колерах хакі (мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка). Ды што там, нават сучасныя аўтаматы ў руках герояў з’яўляюцца. Характар Ціля падкрэслівае нейкая ці не рэперская вопратка. Няма чаго здзіўляцца: спектакль, пра якіх бы людзей ні расказваў, заўсёды разлічвае на тых, хто сядзіць у зале. На гэта разлічваў Горын — яго тэкст тонкі, скіраваны не столькі на расказ легенды, колькі на думкі, да якіх аўтар хоча праз яе прывесці: пра наканаванасць чалавека, падпарадкаванасць шэрых і непрычасанасць яркіх асоб, якія не хочуць у шэрасці растварацца. Пра гэта ставіў спектакль калісьці Марк Захараў — у шэрыя часы ён у асобна ўзятым тэатры здолеў стварыць зусім іншы час і перамагчы свой.
Ад тэатра «Тэрыторыя мюзікла» нічога такога нібыта не чакаеш. На музычныя спектаклі ходзяць у асноўным з жаданнем адключыцца ад паўсядзённасці, атрымаць свята. Разняволіцца. Каханне, жарты, прыгоды… Будзе ўсё гэта, як і зарад энергіі, чаму дапамагае музыка, але не зусім забаўляльная па стылі: падкрэслівае лёс, які можа вісець над народам. Лёс правакуюць людзі — здрадай, няпраўдай, жаданнем выслужыцца і нешта атрымаць выключна для сябе, не важна, што за гэтым пакуты іншых. Але ў спектаклі няма цяжкага адчування, бо ад пачатку зразумела: калі гаворка пра героя, што мы разумеем паводле назвы, то ўсё роўна ўсё будзе добра, тым больш што мы гэта дакладна ведаем з гісторыі. Нам так хочацца, і мы шукаем гэтых гісторый і герояў у мастацтве — нават у забаўляльных яго варыянтах, — ідзём думкамі ў глыб стагоддзяў і, можа быць, падумаем пра сваё.
А часы ў гэтым чалавечым свеце — катэгорыя сапраўды ўмоўная. Таму што рух грамадстваў наперад, развіццё краін і свабодны дух і воля народаў распараджацца сваім лёсам заўсёды залежыць ад герояў. Іх адзінкі ў любыя часы. Але і адзін у полі — воін, калі ён кемлівы, энергічны і, па вялікім рахунку, сумленны чалавек. Хоць і не без дробных грахоў. Іх можна дараваць, калі чалавек здолеў паказаць свайму народу выхад з цемры.
Ларыса ЦІМОШЫК.
«Звязда». 24 чэрвеня 2017 года. С. 7.