Брадвей у цэнтры Мінска
Спектакль «Недалёка ад нормы» на «Тэрыторыi мюзікла»
Больш за 700 паказаў у Нью-Ёрку. «Адно з лепшых шоу сучаснасці» паводле версіі вядучых амерыканскіх крытыкаў-аглядальнікаў. Брадвейскі рок-мюзікл стаў лаўрэатам Пулітцэраўскай прэміі, тройчы адзначаны ўзнагародамі прэміі «Тоні». Дзесяцігадовы нязменны поспех i мноства неангламоўных версій, якія з поспехам былі паказаны ў розных краінах свету (Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, Данія, Аўстралія, Філіпіны, Перу, Аргенціна, Бразілія, Нідэрланды, Германія, Італія, Іспанія, Партугалія).
Калі меркаваць толькі па гэтых фактах, дык мюзікл «Недалёка ад нормы» («Next to normal») кампазітара Тома Кіта і паэта-драматурга Браяна Ёркі неверагодна прывабны ў менеджарскіх адносінах і гарантуе цікавасць з боку гледачоў.
Прыватны тэатр «Тэрыторыя мюзікла» Генадзя Гладкова прадставіў на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў першую рускамоўную версію спектакля (у перакладзе Аляксея і Анастасіі Грыненка), а перад тым атрымаў афіцыйную ліцэнзію на яго інтэрпрэтацыю і пракат на працягу года.
Але ці такая ўжо актуальная тэма шоу для нашага асяроддзя? Ці не надуманымі для беларускіх рэалій аказваюцца сітуацыі, у якіх прадстаўлены героі п’есы і спектакля? Пытанні складаныя і неадназначныя. Магчыма, яшчэ на пачатку сцэнічнага шляху мюзікла яго сюжэтная лінія ўспрымалася б намі як чарговы малюнак амерыканскага жыцця з пазнакай «багатыя таксама плачуць». Але стрэсы і крызісы, а ўслед за імі непазбежныя псіхалагічныя зрывы, дэпрэсіі, псіхічныя захворванні сціскаюць прасторава-часавыя межы, геаграфічныя адлегласці. I модныя з 2000-х «заакіянскія» псіхолагі ўжо сталі неад’емнай часткай нашага быцця.
Пра што ж распавядаюць нам аўтары рок-мюзікла «Недалёка ад нормы», якія атрымалі высокія ўзнагароды з паказальнай фармулёўкай: «За пашырэнне магчымасцяў і тэматыкі самога жанру мюзікла»? Том Кіт падкрэслівае: «Мы хацелі напісаць жыццёвую гісторыю, якую здатныя пачуць чалавечыя сэрцы, пра тое, як важна імкнуцца да лепшага і ніколі не губляць надзею». У гарманічным кантрапункце з ім Браян Ёркі: «Штодня мы назіраем, як людзі імкнуцца адпавядаць «ідэалу», стандарту таго, што прынята лічыць «нармальным».У той час як падобных стандартаў проста не можа быць, а кожны чалавек сам па сабе ўнікальны і варты ўвагі».
Цягам больш чым дзвюх з паловай гадзін гледачы — сведкі сур’ёзнай размовы, у ёй няма адназначных адказаў і высноў. Усё, што адбываецца на сцэне на пачатку, успрымаецца як лакальная гісторыя адной сям’і. Маці — хатняя гаспадыня і бацька-архітэктар, двое амаль дарослых дзяцей, жыццё ў прыгарадзе і выдатныя бытавыя ўмовы, але… усё аказваецца не так ідэальна і зусім далёка ад нормы. У перыпетыях сюжэта становіцца відавочным, што ў жанчыны біпалярны разлад, маніякальная дэпрэсія. Незагойная душэўная драма. Сын, які памёр у маленстве, у яе свядомасці ўяўляецца жывым. Ён працягвае сталець і вядзе з ёй унутраныя дыялогі, у іх пазнаюцца тыповыя сітуацыі юнацкага максімалізму, блізкасць да маці і хваравітае адчужэнне бацькі. Гэтае жыццё ўжо не можа быць яе асабістай таямніцай, і блізкія людзі, муж і дачка, спрабуюць актыўна дапамагчы Дыяне.
Дарэчы, першае пытанне доктара да жанчыны: «Калі вы сапраўды былі шчаслівая?» — прымусіла многіх гледачоў зазірнуць і ў свой унутраны свет. Што датычыць гераіні, дык, на жаль, ні шматгадовая лекавая тэрапія, ні гіпноз не даюць належнага эфекту. Адмоўныя вынікі лячэння глядач назірае на працягу развіцця ўсяго дзеяння. Дыяна паведамляе доктару аб пабочных эфектах, якія выяўляюцца шмат у чым — ад празмернай дрымотнасці да сэксуальнай апатыі.
Слабы прамень надзеі з’яўляецца падчас псіхатэрапеўтычных сеансаў Дыяны з доктарам Мэдэнам, які спрабуе навучыць яе кіраваць сваімі маніякальнымі і дэпрэсіўнымі сімптомамі, псіхалагічна пераадолець страту сына, а потым паставіцца да страты памяці як непазбежнага пабочнага эфекту пасля сеансаў электрасутаргавай тэрапіі.Усё гэта суправаджаецца дакладнай медыцынскай тэрміналогіяй, бо, працуючы над стварэннем мюзікла, аўтары вывучалі паводзіны людзей з біпалярным разладам, медыцынскія даследаванні па сімптаматыцы і дыягностыцы падобных пацыентаў.
Узнікае і вельмі складаны інтэртэкстуальны шэраг з адгалоскамі-сімваламі імёнаў і твораў, знакавых для сучаснай амерыканскай культуры: «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, «Кветкі для Элджэрнона» Дэніэла Кіза, «Лавец у жыце» Джэрома Селінджара, гучаць матывы п’ес Эдварда Олбі. Гукавыя рэмінісцэнцыі мюзікла — тэма «Месяцовай санаты» Бетховена, моцартаўскія матывы, далікатнае настальжы з музычнай скрыначкі.
Фінал гісторыі адкрыты і павучальны.У кожнага з нас ёсць свае шкілеты ў шафе. Мінулае немагчыма падмануць, перапісаць сцэнарый па лепшым варыянце, забыцца па жаданні. З трагічнымі эпізодамі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, трэба вучыцца суіснаваць, адэкватна іх успрымаць. А самае галоўнае тут — паразуменне і падтрымка блізкіх.
Такім чынам, амерыканскія аўтары мюзікла адкрыта задаюць нязручныя пытанні, досыць часта табуяваныя грамадствам. Што такое «нармальная сям’я», дзе знаходзяцца межы той самай знакамітай нормы, кім вызначаюцца меркі «нармальных» паводзін?
Ва ўласнай інтэрпрэтацыі спектакля рэжысёрка Анастасія Грыненка справядліва адзначае, што ў нашым сацыяльным жыцці «не бывае ідэальных узаемаадносін, беспраблемных дзяцей і штодня добрага настрою. Мы вымушаныя існаваць ва ўрбанізаваным свеце, у хуткім тэмпе, пастаянна спраўляцца са стрэсам».
Услед за гэтым у гледача паступова адбываецца асэнсаванне ўніверсальнасці самой сюжэтнай лініі — тэмы мацярынскага гора, дзіцячай смяротнасці, наркаманіі, самагубства, душэўнай болі, найскладанейшых праблем этыкі ў сучаснай псіхіятрыі. Адчуваецца блізкасць да вобразнага светуДастаеўскага і «маленькага чалавека» з яго пошукамі адказаў на пытанні, якія не маюць адказаў. Складаная ідэйна-канцэптуальная аснова рок-мюзікла «Недалёка ад нормы», шэраг нешаблонных сцэнічных эпізодаў, давядзенне ліній кожнага з герояў да кульмінацыйных памежных псіхалагічных сітуацый, дамінуючы прынцып «па-за зонай камфорту», наўмысная правакацыя гледачоў нечаканымі хадамі — усё гэта, безумоўна, адкрывае новыя грані ў інтэрпрэтацыі спектакля, зусім некананічнага па брадвейскіх мерках.
Абапіраючыся на амерыканскую версію, беларускія пастаноўшчыкі разам з тым прапанавалі ўласныя арыгінальныя акцэнты. Да гэтага спектакля арт-каманда «Тэрыторыя мюзікла» рыхтавалася на працягу амаль трох гадоў. Перш за ўсё быў перакладзены літаратурны твор, што патрабаваў нямала сіл і часу. Усё вымагала найтанчэйшай перапрацоўкі арыгінальнага тэксту — і складаны псіхалагічны стан герояў, і моладзевы слэнг, і багацце медыцынскіх тэрмінаў, пералік лекаў і пабочных эфектаў, якія неабходна ўвасобіць у вершаванай і рыфмаванай форме. Трэба аддаць належнае высокай якасці перакладу, які ўспрымаецца зусім натуральна.
Сцэнічная прастора падзелена на дзве актыўныя зоны — для рок-групы пад кіраўніцтвам Ціхана Волатава і ўласна месца дзеяння. Дэкарацыі шматфункцыянальныя і ўяўляюць з сябе металічную двухпавярховую канструкцыю, дом герояў у разрэзе. Актыўна задзейнічаны лесвіцы і жэрдкі для перамяшчэння акцёраў на розныя ўзроўні.
Мінімалістычныя акцэнты — стол, крэсла на колцах, электроннае піяніна Наталі Гудмэн, клетка-кабінет псіхіятра — вельмі дакладна пазначаюць універсальны побыт герояў.
На гэтым фоне ўзнікае вобраз «ідэальнай сям’і», што падмацоўваецца арыгінальным рэжысёрскім рашэннем. Паралельна з жывымі акцёрамі на сцэне з’яўляюцца іх лялечна-марыянетачныя альтэр-эга, прымітыўныя фігуркі «сям’і на карцінцы» з ментальна-традыцыйнымі для амерыканскай культуры ўсмешкамі-маскамі ў стылі коміксаў або дзіцячых малюнкаў (мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў). Менавіта гэтыя ўсмешкі на «ўсе 32» бачыш на тварах артыстаў на промапрадукцыі беларускага шоу: флаерах, афішах, абгортках міні-шакаладак і нават застаўках для смартфонаў. А вось што хаваецца за ўсмешкай і ў якой ступені далёкай яна, на жаль, аказваецца ад нормы, гэта разумее кожны глядач. Яркім і сімвалічным увасабленнем свету дзяцінства становяцца раскіданыя па сцэне каляровыя кубікі.
Героі-тыпажы жывуць ва ўмоўным часе-прасторы. У іх сцэнічнай вопратцы крывава-чырвонай плямай вылучаецца сукенка Дыяны — як напамінак пра незагойную рваную рану мінулага, у фінале колер яе адзення змяняецца на спакойны зялёны — сімвал надзеі. Белы смокінг Габа ў сцэне яго павольнага танца з маці дапамагае ў 18-гадовым юнаку ўбачыць дарослага мужчыну, а сама сітуацыя ўспрымаецца як мара і правобраз страчанага кахання Дыяны да выматанага буднямі мужа. Непадробныя жывыя эмоцыі выклікае сцэна дыялогу маці і дачкі з другой дзеі. У ёй Наталі, якая адчувае сябе недалюбленай і раўнуе маці да памерлага брата, не адразу прымае заклік Дыяны стаць бліжэй адна адной, разбурыць сцяну шматгадовага адчужэння. I ўсё ж лёд на хвіліну ломіцца, і перад намі ўжо іншая юная гераіня, не вуглаватае «брыдкае качаня», але рамантычны вобраз далікатнага белага лебедзя. Выбудоўваецца мадэль распаўсюджанай у амерыканскай культуры казкі пра Папялушку і яе паездкі на баль.
У матэрыяле мюзікла ёсць неверагодная энергія і рытмічны драйв. Яркія музычныя тэмы вырастаюць у складаныя і віртуозныя ў выканальніцкім плане вакальныя кадэнцыі. Рэчытатыўна-дэкламацыйныя фрагменты злучаюцца з ансамблевымі нумарамі і інструментальнымі эпізодамі. Асаблівую ўвагу Том Кіт надае меладычнай аснове мюзікла, у якой увага слухача факусуецца на некалькіх асноўных тэматычных лейткомплексах — характарыстыках галоўных герояў, у тым ліку на тэме Габа «Я жывы». Яна вырастае да гранічнага крэшчэнда ў фінале мюзікла, яшчэ раз звяртаючы кожнага да тэмы Памяці.
У Беларусь пры спрыянні Амерыканскай дыпмісіі быў запрошаны брадвейскі педагог па вакале Эндру Бёрн. Ён не толькі выдатна валодаў музычным матэрыялам мюзікла, але перад прыездам у Мінск спецыяльна прайшоў курс рускай мовы, каб максімальна адэкватна растлумачыць выканаўцам розніцу паміж манерай гуказдабыцця ў рускай і англійскай мовах. Анастасія Грыненка, згадвае, што Бёрн займаўся з выканаўцамі комплексам дыхальных практыкаванняў і ёгай, дапамог адшукаць іммупэўненасць у сабе.
На жаль, на прэм’ерным паказе менавіта да вакальнай часткі партытуры «Недалёка ад нормы» паўстала больш за ўсё крытычных заўваг (салісты-інструменталісты паказалі дастаткова высокі прафесійны ўзровень). Канстатуем вельмі складаную спецыфіку выканання амерыканскіх рок-мюзіклаў, дзе полістылістычна аб’ядноўваюцца прыёмы акадэмічнага вакалу, джазава-блюзавай эстэтыкі, рок-музыкі, трэш-металу і балады, кантры і меладэкламацыі. Вялікі ахоп дыяпазону, прыёмы глісанда, пастаяннае чаргаванне вакальных і размоўных эпізодаў, нязвыклыя для беларускай выканальніцкай практыкі ладагарманічныя асаблівасці і рытмічная раскаванасць. На жаль, не ўсім выканаўцам удалося паўнавартасна справіцца з пастаўленай задачай.
Галоўная гераіня Дыяна ў інтэрпрэтацыі Святланы Мацыеўскай, спявачкі з вялікім вопытам, выглядае упэўненай у сабе, напорыстай і разняволенай, магчыма, такая падача вобраза не заўсёды пераконвае. Самай пранізлівай і дакладнай у яе стала сцэна сумесных з мужам успамінаў пра нараджэнне і смерць іх маленькага сына.
Дэн Гудмэн, як яго ўвасабляе Дзмітрый Якубовіч, — шчыры, надзейны, змучаны. Гэты герой харызматычны, а роля ўспрымаецца як найбольш пераканаўчая. Ён, своеасаблівы «містар цэлафан», у якога ўжо адсутнічае ўласнае «я», амаль цалкам раствараецца ў праблемах жонкі, увесь сэнс яго жыцця засяроджаны на пошуку рэцэптаў для яе лячэння. Ён верыць, што ў сямейных адносінах неверагодна важная ўзаемная падтрымка, і тым мацнейшы ўдар лёсу чакае яго наперадзе.
Досыць яскрава паказалі сябе маладыя выканаўцы. Выразна правёў Арцём Пінчук ролю Габа. Драматычнаму акцёру Эрыку Абрамовічу (Генры) не заўсёды хапала вакальнай тэхнікі і чысціні інтанавання, але ў драматычным плане ён быў пераканаўчы. Паліна Дабравольская — актрыса з вялікім творчым патэнцыялам, яна адпавядае ўсім патрабаванням жанру.
Безумоўна, абкатка спектакля пойдзе яму толькі на карысць, выраўняецца агульны тэмпарытм. Спадзяюся, што стане менш інтанацыйных шурпатасцяў, больш зладжана прагучаць ансамблевыя сцэны, сыдзе лішняя сцэнічная мітусня. Важна, каб адкрытая ў Беларусі лабараторыя новага тыпу мюзікла не спынілася ў сваіх пошуках.
Фінал застаецца адкрытым для разважання не толькі над пастаўленымі псіхалагічнымі праблемамі, але і над звышзадачай творчага калектыву «Тэрыторыя мюзікла».
Наталля ГАНУЛ.
Фота Анжалікі Граковіч.
«Мастацтва». 2018. Красавік. С. 23–25.